Замак-кастэль у Крэве ляжыць у даліне паміж высокіх пагоркаў, што расцягнуліся ланцугом абапал рачулкі Крэвянкі. Тут, на нізкім поплаве, у сутоках ракі Крэвянкі і ручая Шляхцянкі і быў у 20-ыя гады ХІV ст. пабудаваны мураваны замак.
Крэва было сталіцаю ўдзельнага княства, якое ў 1338 г. Гедзімін аддаў свайму сыну Альгерду. Крэўскі замак у плане нагадвае няправільную трапецыю, звернутую большым аснаваннем у напольны бок. З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы замак бараніўся водамі рачулак, падпёртых плацінаю. Тут былі ўсяго дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Аднак Крэўскаму замку ўласцівы некаторыя асаблівасці. Ён меў адну вялікую - Княжацкую - вежу («вежа Кейстута») памерамі 18,65х17 м, якая выступала ў паўночна-заходнім куце за перыметр замкавых муроў, фланкіруючы заходнюю і паўночную з брамай сцены. Тут было не менш трох паверхаў і склеп-турма. У вежы жылі князь, яго чэлядзь і начальнік замкавай варты. Княжацкія пакоі размяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна больш і шырэй, чым на астатніх паверхах. Трэці паверх выконваў абарончыя функцыі. Над ім, відаць, меўся яшчэ адзін ярус бою. Аб гэтым сведчаць існаваўшыя яшчэ ў ХІХ ст. рэшткі каменнай лесвіцы ў тоўшчы вежавай сцяны, якая вяла наверх. Гэта маглі быць або яшчэ адзін паверх, або баявыя пляцоўкі, размешчаныя на самым версе вежы. Вежа пры таўшчыні сцен 3 м унізе і 2,5-2,6 м на ўзроўні трэцяга паверха мела вышыню больш 25 м, таму што сёння ўцалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.
Вялікая вежа мае падмурак вышынёю ў 3 м, складзены з вялікіх камянёў грубай чоскі, пакладзеных на вапнавым растворы. Асабліва вялікія вуглавыя камяні, якія дасягаюць памераў 1-1,3 м. Падмурак мае паўметровую падушку з дробнага камення і гліны, пад якія падасланы дубовыя і сасновыя лаўжы і галлё.
Аснаванне вежы на вышыню 3 м ад цяперашняй паверхні вымуравана з каменю. Вышэй ідзе лусковая муроўка з велікамернай цэглы. Таўшчыня цагляных «шчок» каля 0,7 м. Вышыня колішніх паверхаў вежы дасягала 4,8-5 м. Перакрыцці паміж імі былі зроблены на бэльках 30х30 см.
Унутры вежавых сцен бачны каналы ад драўляных брусоў памерамі 40х40 см. Брусы закладаліся для ўмацавання сцен, прадухілення нераўнамернасці асадкі і іншых дынамічных уздзеянняў.
Княжацкія пакоі былі, відаць, распісаны фрэскамі. Ва ўсякім разе, яшчэ ў мінулым стагоддзі аконныя ліштвы захоўвалі сляды тынкоўкі з фрэскавым жывапісам.
Сцены Крэўскага замка розныя па памерах Паўночная сцяна, размешчаная з прыступнага боку, мела даўжыню 85 м; усходняя сцяна найбольшая - 108,5 м, паўднёвая - 71,6 м і заходняя, якая перад вялікай вежай мае невялікае адхіленне ад асноўнай трасы, - 97,2 м.
Таўшчыня замкавых муроў дасягае 2,75 м. Яны маюць двухметровы падмурак з 30-сантыметровым цокалем. Падмурак зроблены на вапне з камянёў сярэдняй велічыні і ляжыць на дубовых і сасновых лаўжах.
Замкавыя сцены да вышыні 4 м складзены з каменю. Вышэй, з вонкавага боку, ідзе 65-сантыметровая цагляная абліцоўка. У заходняй сцяне выяўлены адтуліны ад брусоў унутранай драўлянай сувязі, аналагічныя тым, што маюцца ў Княжацкай вежы. Яны ішлі ўнутры муру паралельна яго трасе.
Раней сцены Крэўскага замка дасягалі вышыні 12-13 м. Цяпер толькі асобныя фрагменты паўночнай сцяны маюць вышыню каля 10 м. На вышыні 10 м уздоўж іх па ўсяму перыметру на драўляных бэльках ішла баявая галерэя-памост. Сляды гэтых бэлек яшчэ выразна былі відаць у ХІХ ст. Абарона замка вялася праз байніцы, размешчаныя ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. Форму і абрысы байніц выявіць нельга, паколькі верх сцен разбураны. На стыку ўсходняй і паўднёван сцен, знутры замкавага двара, стаяла яшчэ адна вежа памерамі 11х10,65 м. Яна прыбудавана да сцен і адрозніваецца ад іх глыбінёй залягання фундаментаў. Аб яе больш познім узвядзенні сведчыць той факт, што сцены гэтай вежы закрылі частку бэлечных адтулін галерэі-памосту для воінаў.
У канцы ХІХ ст. вежа яшчэ ўзвышалася над замкавымі сценамі. Цяпер яе вышыня дасягае толькі 6,6 м. Яна таксама, як і Княжацкая вежа, мела перакрыцці па бэльках, ад якіх захаваліся ў сценах адтуліны памерамі 30х30 см. Вышыня колішняга першага паверха раўнялася 3,5 м, другога - 2,3, трэцяга - не менш 3 м. Існаваў, несумненна, яшчэ адзін, чацвёрты, паверх, аднак аб ім мы нічога не ведаем. Унутры вежа, відаць, была абмуравана цэглай.
У паўднёвай сцяне Крэўскага замка меўся запасны выхад-праём. Цяпер ён не існуе, паколькі сцяна ў гэтым месцы абвалілася. Але на фотаздымках і малюнках канца ХІХ - пачатку ХХ ст. ён добра бачны. Яго памеры - 4,26х2,84 м.
Заходнюю сцяну ля самага долу праразае яшчэ адзін праём спічастай формы, які мае вышыню каля 2,5 м і шырыню 2,25 м. Некаторыя даследнікі лічаць яго адтулінай для ўпуску вады ў замкавы стаў - сажалку. На нашу думку, тут была запасная брама замка.
Археалагічныя даследаванні, зробленыя на тэрыторыі Крэўскага замчышча, паказалі, што культурны слой тут нязначны. Яго таўшчыня 0,5-0,7 м. Кераміка позняя - ХІV-ХVІ стст. Сустракаюцца кавалкі паліванай і непаліванай кафлі, шкло. У шурфах каля веж знойдзена чарапіца, якой пакрывалі дах. У Крэве не ўвесь замкавы двор выкладзены каменем. Толькі ад уваходнай брамы, якая праразала тоўшчу паўночнай сцяны, ішла да малой паўднёва-ўсходняй вежы выбрукаваная дарога шырынёй каля 8 м. Паколькі паўднёва-ўсходні ўчастак замкавага двара быў балоцістым і мокрым, дарогу «забралі» ў каркас з бярвення вышынёй 80 см. Справа ад гэтай дарогі, у паўднёва-заходнім куце двара, верагодна, знаходзілася тая сажалка, аб якой пісалі даследнікі і гісторыкі ХІХ ст.
На замкавым падворку ёсць толькі два ўзвышэнні. Адно прылягае да вялікай вежы, займаючы паўночна-заходні кут двара плошчай 50х35 м. Пясчаная выспа забрукавана. Тут, верагодна, стаялі княжацкія гаспадарчыя службы.
На другім пясчаным узвышэнні, насыпаным нізкім паўднёва-ўсходнім куце двара, была пастаўлена пазнейшая малая вежа. Увогуле ўвесь усходні ўчастак тэрыторыі, які прымыкае да ўсходняй сцяны, крыху падвышаны. Асабліва гэта прыкметна з вуліцы. Невялікі вонкавы адхон тут забрукаваны, каб яго не размывала вада става, які з гэтага боку падступаў да самых муроў.
За сваю гісторыю Крэўскі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1382 г. тут, у падзямеллі Княжацкай вежы, быў задушаны па загаду Ягайлы яго дзядзька князь Кейстут, асноўны прэтэндэнт на велікакняжацкі прастол, галоўны праціўнік Ягайлы. У 1385 г. у Крэўскім замку былі прыняты ўмовы аб'яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы (вядомае ў гісторыі як Крэўская вунія). У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за велікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503-1506 гг. замак абкладалі і значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў беглы князь Андрэй Курбскі. Аднак ужо ў ХVІ ст. вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што Крэва - горад «з пакінутым замкам».
Замак паступова страціў сваё значэнне як абарончы пункт. У ХVІІІ ст. значна была разбурана вялікая вежа, дах і перакрыцці праламіліся, абвалілася частка ўсходнян сцяны.
У сярэдзіне ХІХ ст. Крэўскі замак замаляваў мастак Н.Орда. Асабліва пацярпеў замак у час першай сусветнай вайны. Больш за 3 гады Крэва было фактычна на лініі фронту. Замак апынуўся на нямецкім баку абароны. Тут былі пароблены бетонныя сховішчы (у малой вежы і ля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты, у час абстрэлу якіх сцены замка і вялікая вежа дужа пацярпелі. Шмат дзе цагляная абліцоўка сцен адслаілася, а месцамі нават паабвальвалася. Паўночная сцяна замка нахілілася да 10 градусаў. У 1929 г. яе ўмацавалі контрфорсам шырынёй у 2 м і закансервавалі. Абліцоўку галоўнай вежы звязалі жалезнымі зацяжкамі, а шчыліны залілі вапнай. Тады ж падмуравалі рэшткі паўночна-ўсходняй сцяны, умацаваныя эскарпам. Правялі шэраг іншых кансервацыйных работ, якія палепшылі стан замка. Дарэчы, некаторыя сучасныя даследнікі Крэўскага замка памылкова лічаць прымураваны ў 1915 г. да паўдневай сцяны нямецкі бункер за яшчэ адну старажытную замкавую вежу. Так гэты бункер трактуецца ў шэрагу апублікаваных прац, падаецца на некаторых сучасных планах замка і нават у рэканструкцыях. Цяпер устаноўлена, што гэтая прыбудова складзена з камянёў, павыбіваных з замкавых муроў снарадамі, прытым на цэментавым, а не на вапнавым растворы. Да таго ж тут выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі, якія да ХІV ст. не маюць ніякага дачынення. Пасля Другой сусветнай вайны стан замкавых муроў значна пагоршыўся. Помнік патрабуе неадкладнай растаўрацыі і кансервацыі. |













|